Наверх






НОВОСТИ КОЛЛЕДЖА


26.05.2017


24.05.2017


25.05.2017


25.05.2017


22.05.2017



ЗАДАТЬ ВОПРОС

Ваше имя*:


Tекст сообщения*:

Главная : ПРЕПОДАВАТЕЛЯМ

Рэалізаваць мару аб сучаснай прафесіі

У людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця заўсёды ўзнікаюць праблемы з выбарам будучай прафесіі. Як правіла, сфера іх заняткаў - ручная механічная праца. Работадаўцы звычайна не ўлічваюць узроўню адукаванасці такіх людзей, тое, што некаторыя з іх могуць асвоіць сучасную, запатрабаваную на рынку працы спецыяльнасць. На падставе шматлікіх зваротаў бацькоў дзяцей-інвалідаў, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый у Мінскім дзяржаўным каледжы электронікі з 2005 года арганізавана навучанне маладых людзей з парушэннем слыху, тут створаны цэнтр прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. З'явіліся і станоўчыя вынікі такой ініцыятывы, аб якіх мне расказала загадчык цэнтра Святлана Лявонцьеўна Бондар.

ЭСН для паспяховай адаптацыі

Сёння ў каледжы займаецца 66 навучэнцаў з асаблівасцямі ў развіцці, з іх 62 - з парушэннем слыху, двое – з парушэннем функцыі апорна-рухальнага апарату і яшчэ двое - з інваліднасцю па агульным захворванні. Яны асвойваюць спецыяльнасці «эксплуатацыя электронна-вылічальных машын» і «праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій». Для паспяховай адаптацыі навучэнцаў з парушэннем слыху да вучэбнага працэсу выкарыстоўваюцца розныя сродкі навучання, у распрацоўцы якіх удзельнічаюць педагогі каледжа. Перш за ўсё гэта электронныя сродкі навучання (ЭСН) па прадметах агульнаадукацыйнага і прафесійнага цыклу. Некаторыя з іх атрымліваюцца вельмі ўдалымі. Напрыклад, за распрацоўку і ўкараненне ў практыку электроннага дапаможніка «Візуальныя асновы адукацыі тэхнічных форм і іх выявы на комплексных і аксанаметрычных чарцяжах» выкладчык спецыяльных дысцыплін Ю.Г.Малаш і выкладчык чарчэння І.У.Дукмасава былі ўдастоены дыплома за лепшую работу ў намінацыі «Тэхналогіі працоўнага навучання і прафесійнай падрыхтоўкі» па выніках IV рэспубліканскага конкурсу «Сучасныя педагагічныя тэхналогіі ў навучанні і выхаванні дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Рэгіянальныя мадэлі спецыяльнай адукацыі» (2010). Яшчэ адзін электронны дапаможнік па агульнай хіміі быў распрацаваны выкладчыцай Ірынай Іванаўнай Хомчанка. Ён быў адзначаны дыпломам 1 ступені на Рэспубліканскім конкурсе «Камп'ютар. Адукацыя. Інтэрнэт.»

«Калі я пачала працаваць з вучнямі, якія маюць парушэнне слыху, - гаворыць Ірына Іванаўна, - то думала, што для іх падрыхтоўкі дастаткова будзе той навучальнай базы, што ёсць у мяне ў кабінеце, а гэта камп'ютар, інтэрактыўная дошка, пэўны дыдактычны матэрыял. Аднак у працэсе работы я заўважыла асаблівасці ўспрымання дзяцей і ўжо з улікам гэтага разам з інжынерам-праграмістам Алай Аляксандраўнай Шавейка распрацавала электронны дапаможнік па агульнай хіміі. Дапамагалі нам перакладчыкі жэставай мовы, супрацоўнікі каледжа Людміла Уладзіміраўна Стома і Ірына Генадзьеўна Патапчык. Цяпер я магу весці свае ўрокі самастойна, прысутнасць сурдаперакладчыка на іх не абавязковая. Гэты электронны дапаможнік можа выкарыстоўвацца і для работы са ўсёй групай.»

Электронны дапаможнік з'яўляецца дадаткам да матэрыялу падручніка і дазваляе выкладчыку праектаваць ўрокі рознага тыпу для груп з розным узроўнем навучання. Дапаможнік складаецца з 6 тэм, у кожнай з іх вылучаны ключавыя пытанні вывучэння матэрыялу, якія выстраены ў адзін лагічны ланцужок. Сутнасць гэтых пытанняў раскрываецца з дапамогай рознага дэманстрацыйнага матэрыялу (прэзентацыі, відэафрагменты, flash-ролікі), інтэрактыўных табліц, схем, графікаў. Дзякуючы флэш-анімацыі, напрыклад, дзеці могуць убачыць тое, што пры звычайным лабараторным вопыце немагчыма заўважыць. Напрыклад, калі соль раствараецца ў вадзе, то простым вокам нельга ўбачыць, як катыён солі ўзаемадзейнічае з малекулай вады. А ў дапаможніку гэты працэс паказаны ва ўсіх дэталях. Візуальныя вобразы асаблівым дзецям трэба пазначаць. Напрыклад, кіслату пазначаем чырвоным трохвугольнікам ва ўсіх тэмах. Кожны раз, як толькі дзеці бачаць гэты сімвал, яны адзначаюць, што гэта кіслата. Для пэўных тэм у дапаможніку дадзены алгарытмы рашэнняў, каб у дзяцей перад вачыма быў парадак выканання заданняў.

Акрамя таго, педагогі распрацавалі электронны рабочы сшытак - своеасаблівы трэнажор, які ўключае вялікую колькасць практыкаванняў па кожнай тэме. Прычым, заданні дыферэнцыраваныя, на экран выводзяцца вынікі іх выканання, што дазваляе самастойна выявіць і прааналізаваць памылкі і, што важна, зноў выканаць заданне. Праверка хатніх заданняў, падрыхтоўка да кантрольных работ праводзіцца ў выглядзе тэматычных лабірынтаў, што ўяўляюць сабой разгалінаваную сетку заданняў па тэме, якія з кожным крокам ускладняюцца. У лабірынт убудаваны жэставы гласарый, у які ўваходзяць ключавыя вызначэнні кожнай тэмы. Яны суправаджаюцца тлумачэннямі сурдаперакладчыка і забяспечаны дадатковай інфармацыяй у выглядзе формул і прыкладаў. Для кожнай тэмы распрацаваны інтэрактыўныя апорныя канспекты. Прадстаўлены і комплекс заданняў для інтэрактыўнай дошкі.

Педагогі каледжа пры тлумачэнні вучэбнага матэрыялу выкарыстоўваюць яшчэ і такія інтэрактыўныя сродкі, як прэзентацыі, навучальныя сайты, відэафільмы. Набыта і паспяхова працуе камп’ютарная сістэма сурдарэабілітацыі - слоўнік «Жэставая мова». Ён змяшчае больш як 5 тысяч слоў для зносін на бытавым узроўні і карысны для тых, хто вывучае мову жэстаў. Ён папаўняе камунікатыўны слоўнікавы запас навучэнцаў з парушэннем слыху, дае разуменне значэння шматлікіх слоў і дапамагае правільна іх ужываць. Даны слоўнік стаў узорам пры стварэнні аналагічнага слоўніка па прадмеце «База даных і сістэма кіравання базамі даных». Паколькі пры выкладанні прадметаў спецыяльнага цыклу ўзнікаюць складанасці пры тлумачэнні і перакладзе складаных прафесійных тэрмінаў, педагогі каледжа звярнуліся за дапамогай у стварэнні аналагічных слоўнікаў па сваіх прадметах да спецыялістаў кафедры рэабіліталогіі інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій. У каледжы арганізавана вывучэнне замежнай мовы (многія дзеці з парушэннем слыху ў школе замежную мову не вывучаюць), якую выкладае Марына Аляксандраўна Марцуль. Яна выкарыстоўвае ў сваёй работе спецыяльна распрацаваны электронны дапаможнік «English Guide to Professional World», дае маладым людзям не толькі базавы ўзровень ведаў, але і прафесійную лексіку. Яшчэ адной цікавай і карыснай формай работы каледжа ў межах інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій з'яўляецца праект «Аўтарскае тэлебачанне». Перадачы «Вывучаем жэставую мову», якія дэманструюцца, развіваюць камунікатыўную дасведчанасць навучэнцаў з парушэннем слыху. Усе педагогі каледжа зацікаўлены ў распрацоўцы электронных дапаможнікаў па сваіх прадметах (агульнаадукацыйных і спецыяльных), у тым ліку ў такіх кірунках, як псіхалогія, асновы права і іншых жыццёва важных сферах, веданне якіх дапаможа маладым людзям з парушэннем слыху больш упэўнена адчуваць сябе ў жыцці. У ідэале, лічаць педагогі, такія электронныя дапаможнікі неабходна ўключаць у вучэбны працэс як мага раней, яшчэ ў школах, каб рабіць больш даступнымі складаныя прадметы, дапамагаць у спасціжэнні тэрміналогіі, узбагачаць слоўнікавы запас навучэнцаў з парушэннем слыху.

Выпускнікі каледжа ўладкоўваюцца на работу

«Уладкаванне на работу - няпростае выпрабаванне, і важна, каб нашы выпускнікі вытрымлівалі канкурэнцыю, перш за ўсё па прафесійных якасцях, - зазначае Святлана Лявонцьеўна. - Узровень навучання ў каледжы даволі высокі: мы не прымаем дзяцей з нізкім балам атэстата па матэматыцы, паколькі ва ўстанове вывучаецца вышэйшая матэматыка і праграміраванне. Самых паспяховых выпускнікоў, у тым ліку і з асаблівасцямі ў развіцці, педагогі матывуюць да паступлення ў ВНУ, напрыклад, у БДУІР на спецыяльнасць «тэхнік-праграміст». Патрабаванні да сябе і да жыцця ў нашых навучэнцаў з асаблівасцямі нічым не адрозніваюцца ад патрабаванняў іх здаровых равеснікаў. Маладыя людзі ставяць перад сабой высокія мэты і імкнуцца да іх. Яны вельмі старанна вучацца, вядуць здаровы лад жыцця, займаюцца спортам, паколькі разумеюць наколькі гэта важна для іх. Іх мары звязаны са стварэннем сям'і, нараджэннем дзяцей, з падарожжамі і, канечне, з прафесійнымі поспехамі. З такой матывацыяй гэтыя юнакі і дзяўчаты сапраўды маюць шанс і могуць дасягнуць поспехаў у жыцці. Нават у каледжы, будучы яшчэ навучэнцамі, яны выкарыстоўваюць свае прафесійныя навыкі. Напрыклад, пасля знаёмства з таленавітымі дзецьмі з мастацкай гімназіі №10 Маладзечна, яны вырашылі зрабіць ім свой падарунак і стварылі сайт з дзіцячымі малюнкамі, распрацавалі таксама сайт «Беларускага таварыства глухіх». Выпускнікі каледжа стварылі сайты для Рэспубліканскага інстытута маці і дзіцяці, для музея Уладзіміра Караткевіча, які знаходзіцца ва ўстанове, для вывучэння прадмета «Беларуская літаратура», стварылі даведнік па прадмеце «Канструяванне праграм і мовы праграміравання» і нават арганізавалі віртуальную экскурсію на ўроку хіміі. Выпускніца Юлія Драбеня, інвалід па слыху, заняла першае месца ў гарадскім конкурсе прафесійнага майстэрства па практычным выкарыстанні ПЭВМ сярод тых, хто чуе (у намінацыі «Камп'ютарная графіка і Web дызайн»).

Педагогі каледжа ўзялі на сябе адказнасць за прафесійнае навучанне на даму інвалідаў-калясачнікаў (ужо выпусцілі чатырох спецыялістаў з кваліфікацыяй «аператар ЭВМ»). Пры гэтым з’явілася неабходнасць укаранення ў практыку элементаў дыстанцыйнага навучання. На сёння ўжо апрабіравана шмат тэхнічных магчымасцей і пачата работа па распрацоўцы і ўкараненні ў практыку вучэбнага матэрыяла па спецыяльнасці «Эксплуатацыя электронна-вылічальных машын». Пачата работа па ўкараненні ў практыку вучэбнага матэрыялу па прадметах спецыяльнага цыклу. Намі таксама разглядаецца магчымасць правядзення віртуальных тэлеканферэнцый для правядзення анлайн заняткаў на даму адначасова з некалькімі маладымі людзьмі. Нашы навучэнцы, якія займаліся на даму, прымалі ўдзел у дыстанцыйных алімпіядах.”

Наладжана супрацоўніцтва са спецыялістамі Парку высокіх тэхналогій, пры гэтым на выпускнікоў афармляюцца рэзюмэ і партфоліа з мэтай далейшага працаўладкавання навучэнцаў з парушэннем слыху. Сёлета паспяхова стартаваў сумесны сацыяльны праект каледжа і кампаніі «Глобал Білгі» (пры падтрымцы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны) па працаўладкаванні выпускнікоў. Зараз у кампаніі працуюць па спецыяльнасці «аператар ЭВМ» восем выпускнікоў. У планах заключэнне дамоўленасці з прадпрыемствам «Атлант» з мэтай уладкавання выпускнікоў на спецыяльнасць «слесар-зборшчык бытавой апаратуры». Некаторыя маладыя людзі ўладкоўваюцца самастойна аператарамі ЭВМ, вымяральнікамі электрафізічных параметраў (на завод «Інтэграл»), у кампаніі аператараў мабільнай сувязі і, канечне, на прадпрыемствы «Беларускага таварыства глухіх». Яны займаюцца распрацоўкай і падтрымкай сайтаў, працуюць сістэмнымі адміністратарамі, выконваюць розную даступную для іх работу, і зарэкамендавалі сябе як старанныя і адказныя работнікі. Для падтрымання зносін з людзьмі з парушэннем слыху на прадпрыемства пры неабходнасці ўладкоўваецца супрацоўнік, які валодае сурдаперакладам.

Новы корпус задаволіць патрэбы кожнага

У будучым плануецца забяспечыць усе неабходныя ўмовы для навучання ў каледжы як фізічна здаровых, так і навучэнцаў з парушэннем апорна-рухальнага апарату, інвалідаў-калясачнікаў, інвалідаў па зроку і інвалідаў па слыху. Сёння пачата будаўніцтва новага вучэбнага корпуса, вядзецца рэканструкцыя старога корпуса каледжа, дзе будзе размешчаны аздараўленчы і вучэбны цэнтр, аналагаў якому ў рэспубліцы пакуль няма. Для навучэнцаў будуць абсталяваны трэнажорныя залы, басейн, вучэбныя кабінеты і вытворчыя майстэрні з улікам спецыфікі іх захворванняў, а таксама спецыяльныя кабінеты для аздараўленчай, рэабілітацыйнай і карэкцыйнай работы. У новым цэнтры прадугледжаны інфармацыйна-вылічальная, тэле-відэа студыя. Стварэнне такога цэнтра дасць магчымасць пашырыць пералік прафесій для навучэнцаў данай катэгорыі. І колькасць навучэнцаў павялічыцца ў 4 разы, што дасць магчымасць задаволіць попыт амаль паловы дзяцей-інвалідаў, якія пражываюць у рэспубліцы і жадаюць атрымаць прафесійную адукацыю. У перспектыве цэнтр зможа стаць эксперыментальнай пляцоўкай па распрацоўцы і ўкараненні новых эфектыўных тэхналогій, у тым ліку інфармацыйных, па навучанні і выхаванні навучэнцаў з абмежаванымі магчымасцямі і ўзяць на сябе функцыі па забеспячэнні каардынацыі дзейнасці аналагічных цэнтраў, якія існуюць у рэспубліцы.

Надзея ЦЕРАХАВА.

Поделись с друзьями:



© SLMax, 2014